Уладзімір Дубоўка
Пальцы жоўтых кляновых лістоў
мкнуцца восень схапіць за шыю.
Не парушаць яе хараство,
не парушаць лісты залатыя.
Клён у вокны забразгатаў,
адгукнулася каняю рэха.
Месяц рваў арэхі з куста,
раскідаў над сусветам арэхі.
Яны ў воўне блакітнай ляглі,
сумавала ў даліне ляшчына.
Летуценні не змерклі ў галлі,
летуценняў згасіць немагчыма.
Расцярушацца ў далі і ўвысь,
каб нагадваць аб светлым над чорным.
Ці таму, што сумуюць журавы,
ненасытна свіргочуць жорны?..
Ліставея не моўкне, шуміць
ад вясны да вясны на прасторах.
Поверх стрэх і муроў камяніц
я пабачыў яе учора...
Дзесь далёка галосіць сава,
небакрай апракінуўся жалем.
Людзі любяць душу прасаваць,
калі гэта душа чужая.
Залатая, асенняя раніца!
Хараством ты на свеце адна.
Сонца ў пушчы глыбокай купаецца
і ніяк не дастане да дна...
Мітусіцца лісцё па аселіцы,
як дзвіна матылькоў-мітульгі.
І узвее яна, і пасцеліцца,
распаветрыцца на берагі.
А яны, берагі беражыстыя,
не стрымаюць асенні напеў.
І ліецца, віецца сукрысты ён,
і разгортваецца каля дрэў.
Прытулі, прыхіні на апошняе
і згадай гэты дзень залаты,
што над пушчай, згалелымі пожнямі
рассыпаў залатыя лісты.
Рассыпаў і раскідваў прыгоршчамі
на акрасу, на жаль, на ўспамін.
Развітальная хвіля найгоршая,
яна можа і сэрца спаліць.
Не бядуй, не гаруй — пад цяжарамі
мне не йсці, шчасця ў іх не шукаць,
з-за балота мігціць, за выгарамі
прамяніцца пярэстая гаць.
Не гаруй! Ты дарэмна заплакала:
я прыйду, я вярнуся ізноў.
Лёс для ўсіх не бывае аднакавы,
як для тых засмучоных лістоў.
Залатая, асенняя раніца!
З хараством, з пекнатою — бывай!
Ужо сонца за пушчу хаваецца,
кармазынам гарыць небакрай...
Дарагая… каханая… залатая…
Ці ты чуеш, як цяжка мне?
Можа косы твае расплятаюць
там далёка, далёка дзесь…
Не магу расказаць я пра тое,
што ля сэрца і ў сэрцы маім.
Я не знаю даўно супакою,
а ці варта каго маліць?
У адчаі сцюдзёным сціскаю,
ашчаперыўшы рукамі, чало.
Твая постаць маўклівая такая,
быццам вусны працяў замок.
Як лісты вераснёвыя, ўпрочкі
разлятаюцца думкі мае.
Только здані панікліва крочаць
каля сцен камяніц, каля дрэў.
Вышчараюцца хіжа са шчылін,
мкнуцца думкі мае натаваць…
Што зрабілі мы ім, дзяўчына,
і чаму гэты крык – “не твая”?
Залатая… каханая… дарагая…
Адно знаю: іду і пайду.
Хай і пекла ля воч мільгае –
не супыніць маю хаду.
Калі вусны шапталі – не трэба! –
дык у вачах свяцілася – любы, імкніся…
І ў вачах было вечна палкае мора і неба:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.
А калі паспляталіся сцені,
зоры ў небе і моры вянком завіліся.
Над зямлёю тады летуценні жылі ў летуценнях:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.
І ў той час, што не знае падобных,
ў захапленні і месяц на хмарах спыніўся.
Векавечныя тайны ў адзін знітаваліся подых:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.
А калі рассыпаліся зоры,
што звіваліся ў небе і моры калісьці,
даляведныя вочы праменілі шчасце і гордасць:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.
Ведаю, што і я памру, як і ўсе,
што па смерці нічога не будзе трэба.
Тым мацней люблю ўвесь шырокі свет
і гэта – пярэстае збольшага – неба.
Перачуць усю боль і ўсю слодыч жыцця,
акунуцца ў прадонне жыцця з галавою.
Пераслухаць, як хвалі ў вятрах шалясцяць, −
гэта шчасце! Хай скажуць – малое…
Перайначыць, спыніць, можа, сілы няма,
а плысці супроць плыні магчыма.
На шляху калі хто і залом заламаў, −
падарожжа не зменіць, не спыніць.
Церушыцеся, шаты, лісцём залатым,
вы красою праменілі гордай.
Чаравалі мяне (мо затым, не затым?)
ціхіх шэптаў акорды, акорды…
Ты руку сваю забінтавала,
маладая… як цябе і клікаць?
Маё сэрца рвецца на кавалкі
і сціскаецца тугой вялікай.
Вусны пацалую шчыра, моцна,
прытуліся… Хай гавораць людзі:
словы іх, як палыновы воцат,
звінавацяць і мяне у блудзе.
Ці ж я буду скардзіцца на крыўду:
у душы паэта – чорт зламае карак.
Плач душою, а часіны прыйдуць,
слёзы завіюцца у каралі…
Ты руку сваю забінтавала,
чым я раны сэрца забінтую?
Яно рвецца, рвецца на кавалкі
за сябе, цябе і за другую.